Общество

«Ён быў мужык больш чым хто». Гісторыя загінулага на фронце беларускага снайпэра

З пачатку паўнавартаснай вайны ва Ўкраіне загінулі ня менш за 70 беларусаў. Сярод іх 22-гадовы Аляксандар Новік, які быў снайпэрам-штурмавіком.

Аляксандар Новік. Каляж Свабоды

24 лютага 2025 году будзе 3 гады ад пачатку паўнавартаснай вайны Расеі супраць Украіны. Зь лютага 2022 году ўдзел у абароне Ўкраіны прымаюць і беларусы, якія ваююць як у складзе асобных беларускіх падразьдзелаў, так і ва ўкраінскіх вайсковых адзінках.

22-гадовы беларус Аляксандар Новік далучыўся да Трэцяй асобнай штурмавой брыгады ў канцы кастрычніка 2024 году, загінуў у баях 20 студзеня 2025-га. Радыё Свабода расказвае пра яго гісторыю падрабязьней.

Трапіў пад абстрэл

Аляксандар Новік меў пазыўны па-ўкраінску — «Розпад», выбіраў яго сабе, маючы на мэце распад Расеі як дзяржавы, быў снайпэрам-штурмавіком Трэцяга асобнага штурмавога батальёну. Ён загінуў падчас выкананьня баявога заданьня ў раёне Новаягораўкі Луганскай вобласьці. Аляксандра пахавалі ў Браварах 28 студзеня, на Алеі славы. У Браварах жывуць ягоныя сваякі.

Аляксандар Новік, архіўнае фота

Валянтэрка Тацьцяна Астроўская добра ведала Аляксандра. У размове з Свабодай яна зьвяртае ўвагу, што на тым кірунку (Новаягораўка. — РС) загінулі шмат украінскіх вайскоўцаў. Вядома, што Аляксандар трапіў пад расейскі абстрэл, атрымаў цяжкае параненьне.

Хлопец выехаў зь Беларусі пасьля падзей 2020 году, спачатку жыў і працаваў у Літве.

— Саша заўсёды быў у тэме вайны. Ён зьбіраў данаты на дроны, дапамагаў украінцам, сам шмат трэнаваўся, мацаваўся. Купіў сымулятар, каб дапрацаваць і ўдасканаліць праграму кіраваньня дронамі, — расказвае Тацьцяна.

Паводле яе, Аляксандар зарабляў на будоўлі, таксама быў мадэратарам у вядомага блогера Убэрмаргінала, практыкаваўся ў кампутарнай графіцы.

Займаўся дзюдо і самба, меў матэматычны склад розуму, падчас вучобы перамагаў ў матэматычных алімпіядах. Нават на фронце меў пры сабе задачнік з альгебры, каб «мазгі працавалі». Той задачнік цяпер перадалі, як і іншыя рэчы добраахвотніка, у Музэй вольнай Беларусі ў Львове.

Аляксандар выбраў для сябе Трэцюю асобную штурмавую брыгаду. Гэта ўкраінскі добраахвотніцкі падразьдзел, сфармаваны на базе «Азова», якое ўзначальвае першы камандзір полку «Азоў» Андрэй Білецкі.

Тацьцяна расказвае, што Аляксандар быў унікальным, шматбаковым чалавекам. Яна падкрэсьлівае, што ён усё рабіў ціха, спакойна, самастойна. Так ён сам зьвязаўся з Трэцяй штурмавой, яны дапамаглі яму з дакумэнтамі, ён там прайшоў вэрыфікацыю, навучаўся і потым выправіўся на баявыя.

— Пісалі, што ён загінуў на першым заданьні. Але гэта ня так. Гэта было, груба кажучы, другое ці трэцяе заданьне. Калі ідзе такі абстрэл, там ня ўхілісься, не схаваесься ад яго, — тлумачыць валянтэрка.

Суразмоўца дадае, што Аляксандар Новік быў прамым чалавекам, з моцным пачуцьцём справядлівасьці. Таксама і таму ў тым ліку ён пайшоў ваяваць, бо фронт быў тым месцам, дзе ён рэальна можа нешта зрабіць.

Тацьцяна заўважыла, што пасьля некалькіх месяцаў у вучэбнай частцы і на фронце Аляксандар схуднеў на некалькі кіляграмаў.

— Ён быў мужык больш чым хто. Ён ніколі не выступаў, не крычаў «вось я паеду ваяваць!», ціха прыняў рашэньне і паехаў. Я пасьля ягонай гібелі не магу глядзець на мужыкоў, якія кажуць: «А што я магу зрабіць?» Саша быў упэўнены, што сёньня трэба дзейнічаць, сёньня бараніць Украіну, каб у нас заўтра была будучыня, — расказвае Тацьцяна.

Яна ўдзельнічала ў арганізацыі пахаваньня беларуса. Расказвае, што ў чыноўнікаў пры афармленьні дакумэнтаў была неадназначная рэакцыя.

— З аднаго боку — загінуў герой з Трэцяй штурмавой. З другога — яны дзівіліся беларускаму пашпарту. Бо афіцыйна ж Беларусь — краіна-суагрэсар. Але яны вельмі добра ставіліся да нас, — дадала Тацьцяна.

Аляксандар Новік стаў першым беларусам, пахаваным на Алеі славы ў Браварах. Там упершыню над магілай залунаў бел-чырвона-белы сьцяг — сярод украінскіх і грузінскіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)