Мы ўбачылі, што розныя расейскія асобы, якіх у нас любілі і якім прызвычаіліся давяраць, направер выявіліся вузкалобымі «ватнікамі» з прастакутным імпэрскім мысьленьнем. Розныя — палітыкі, пісьменьнікі, музыкі, акторы, мастакі...
Вольскі: «А раптам зноў давядзецца ўбачыць на свае вочы руйнаваньне імпэрыі?»
Лявон Вольскі на Budzma.org прыгадвае, як руйнавалася савецкая імперыя. Тады здавалася, што наперадзе чакаюць свабода і творчыя перспектывы.
Як аказалася, радасць была заўчаснай, імперыя нікуды не знікла, а толькі збірала сілы, каб ашчэрыцца новай вайной. Але Лявон не губляе надзеі на тое, што мы яшчэ пабачым сапраўднае руйнаванне імперыі. «Бо імпэрыі ж ня вечныя».
Правілы жыцця ў савецкай імпэрыі
Аднаго разу мая маці сказала мне:
— Усе імпэрыі калісьці руйнуюцца, яны ня вечныя. Абрыне й гэтая.
Яна казала гэта, задуменна гледзячы ў вакно нашае двухпакаёвае «брэжнеўкі». А за тым вакном раскінулася неабсяжная савецкая радзіма — ад Кушкі да Курылаў. Са сваёй халоднай вайною, ракетамі, ядравай зброяй, татальным дэфіцытам, брудам, ванючымі «авашчнякамі», «тэхнічнай інтэлігенцыяй», якой дазвалялася за працу на «абаронку» любіць бардаўскую песьню, і начальнікамі розных рангаў і памераў.
Я быў малы і да гэтых словаў не атаясамляў Савецкі Саюз з імпэрыяй. Старажытны Рым, які праходзілі ў школе, Аўстра-Вугоршчына, вядомая з кнігі пра Швэйка, царская Расея, зь якой гераічна змагаліся рэвалюцыянэры — гэта так, а вось СССР...
Наадварот, па радыё, тэлевізары і ў газэтах «кляймілі пазорам» заходнія «імпэрыялізм, сыянізм і рэакцыю», то-бок, імпэрыялісты жылі ня тут, не ў саюзе, а недзе там, за акіянам. Але чым болей я думаў, тым ясьней разумеў, што сапраўдная імпэрыя — гэта і ёсьць Савецкі Саюз.
Тут нічога не вырашалася без сыгналу «з Масквы», навязвалася (і пасьпяхова) любоў да ўсяго створанага «тытульнай нацыяй» — расейцамі — музыкі, літаратуры, выяўленчага мастацтва.
Рабоча-сялянскія масы ведалі, як мінімум, «Мішак у лесе» Шышкіна ды Сурыкаўскіх трох волатаў, яны віселі на сьценах дамоў гэтых масаў у выглядзе дываноў ці то рэпрадукцыяў у масыўных залатых рамах, а пра якога Рушчыца ці Пётру Сергіевіча ніхто нічога ня чуў.
На «бульбе» старшыня калгасу казаў нам, паднявольным студэнтам: «У гэтую машыну кідайце добрыя яблыкі, без чарвякоў і плямаў, яны паедуць аж у сам Ленінград! А ў тую можаце кідаць усе астатнія, бітыя, чарвівыя, іх павязуць на мяйсцовы вінзавод».
Лічылася, што культурны чалавек мусіць абавязкова прачытаць «Ганну Карэніну» і «Злачынства і пакараньне», а сялянскіх Коласа-Купалу можна й ня ведаць. Што там ужо казаць пра расстраляных у 1930-я беларускіх літаратараў! Яны нібыта ніколі й не жылі і нічога не стваралі.
Сыстэма пачала трашчаць
Нечакана прыйшлі зьмены, сыстэма пачала трашчаць, і я зразумеў, што надыходзіць той самы час — пра які я марыў і ня верыў, што пабачу яго на свае вочы — руйнаваньне імпэрыі.
Гэты развал суправаджаўся балючымі рэчамі — жыцьці дарослых людзей (асабліва тых, што прызвычаіўся да завядзёнкі — штодня хадзіць на працу, атрымліваць за гэта невялікія грошы і чакаць пэнсіі, каб завіхацца на лецішчы) кардынальна зьмяніліся, паламаліся.
Людзі лямантавалі, ім хацелася назад, у прадказальнае мінулае, дзе ўсё за іх вырашалі розныя начальнікі, а нам было весела — савок накрыўся, можна было езьдзіць за мяжу (раней гэтая опцыя была недасяжная), наперадзе зіхцелі розныя творчыя пэрспэктывы...
Імпэрыя ізноў ашчэрылася
Як высьветлілася, мы рана радаваліся. Імпэрыя нікуды ня зьнікла. Яна прыкінулася мёртвай, як хітрая параненая жывёла, а сама назапашвала сілы. І ў адзін момант ашчэрылася, выскалілася і вярнулася да колішняе крывавае практыкі «зьбіраньня зямель», то бок, да збройнага захопу чужых тэрыторыяў і неймавернае хлусьні, якая мусіць апраўдваць гэты дзікі працэс.
Іхняя колькасьць уражвае. Як уражвае і амаль ніякі ўзровень пратэстаў у краіне, якая вядзе захопніцкую вайну, на якой масава гінуць людзі — жыхары гэтае краіны, чыесьці сыны, браты, бацькі, сваякі...
Убачыць сапраўдны канец імпэрыі
Захад баіцца. Болей за цяперашнюю вайну баіцца сапраўднага развалу імпэрыі. Маўляў, яна затрашчыць і пачне сыпацца, пачнуцца некантраляваныя працэсы, і невядома, да чаго ўсё гэта прывядзе.
А я дык вельмі чакаю гэтага. А раптам зноў давядзецца ўбачыць на свае вочы руйнаваньне імпэрыі? Цяпер ужо сапраўднае руйнаваньне — аж да падмурку, як гэта калісьці было зь Нямеччынай. А тады ўжо на руінах хай спрабуюць будаваць сабе новыя дамы.
Спадзяюся, мы з вамі гэта неўзабаве пабачым. Бо імпэрыі ж ня вечныя. Рана ці позна ўсе яны развальваюцца. Лепей раней, чымсьці пазьней, праўда?
Читайте еще
Избранное